ЭКСКУРСІЯ ПА МУЗЕІ “БЕЛАРУСКАЯ ХАТКА” Ў ДУА “КАСЦЮКОВІЦКАЯ РАЁННАЯ ГІМНАЗІЯ”
Ад прадзедаў спакон вякоў
Нам засталася спадчына,
Паміж сваіх і чужакоў
Яна нам ласкай матчынай.
…Жыве з ёй дум маіх сям’я
І сніць з ёй сны нязводныя.
Завецца ж спадчына мая
Усяго старонкай роднаю, -
пісаў беларускі народны паэт Янка Купала. Старонка родная – сінявокая Беларусь. Каб добра ведаць яе цяпер, патрэбна зазірнуць у яе гістарычнае мінулае, вывучаць яе культуру і побыт, уявіць, як жылі дзяды нашы і прадзеды. Менавіта такімі словамі сустрэлі нас экскурсаводы музея “Беларуская хатка”, што знаходзіцца ў ДУА “Касцюковіцкая раённая гімназія”.
Экскурсаводы пазнаёмілі нас з гісторыяй стварэння музея, які нагадвае беларускую хатку і ў якім можна шмат пабачыць рэчаў, створаных нашымі таленавітымі продкамі. Гісторыя музея налічвае ўжо дваццаць гадоў.
Экспанаты музея сабраны вучнямі і настаўнікамі гімназіі. Яны знаёмяць наведвальнікаў з побытам, культурай беларусаў – людзей добрай душы і шчырага сэрца.
Тут сабраны ўзоры беларускага нацыянальнага адзення. Тут жа куфры, у якім яно захоўвалася:
У пахучым куфры важка ўсё ляжала,
Што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля пранясло ля хаты,
Так запахла лугам, чабаром і мятай.
Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, на непасільную працу, беларусы не страцілі пачуцця прыгажосці. Вельмі ўразілі нас вышыўкі на святочным адзенні, што сведчаць аб высокім мастацкім гусце народа. Беларускіх майстроў запрашалі нават у Маскву і Пецярбург. У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, не такой, як у суседзяў. Адзенне было з белага льнянога палатна. Таму што такая вопратка лічыцца самай здаровай для летняй спёкі. Спадніцы з сукна называлі андаракамі. Часам тканы андарак – гэта твор мастацтва.
Здзівілі нас даматканыя фартухі. Для гаспадыні - гэта асобы гонар. Пераважалі на іх чырвоныя і чорныя ніткі. Дарэчы чырвоная нітка прысутнічае амаль што на ўсіх рушніках, таму што лічылася, што чырвонае праганяе нячыстую сілу. Фарбавалі ніткі рознымі спосабамі: дубовай карой, шалухой ад цыбулі, сажай. Кожная гаспадыня мела ў сваім гардэробе каля 15-20 фартухоў. У царкву, на вялікія святы – Каляды і Вялікдзень – апраналі яркія, каляровыя фартухі. У пост апраналі больш сціплыя.
Вельмі ўразілі нас рушнікі, якімі ўпрыгожвалі хату, а таксама давалі ў падарунак. Рушнікі суправаджалі чалавека на працягу ўсяго жыцця: на рушнік прымалі немаўля і з рушніком праважалі ў апошні шлях. Імі павязвалі сватоў, сцялілі маладым пад ногі, завязвалі на прыдарожных крыжах, упрыгожвалі абразы. Кожная нявеста павінна была прыгатаваць не менш за 30 рушнікоў для таго, каб адарыць сваякоў жаніха. Ужо з 13-14 год дзяўчаты пачыналі вышываць і рыхтаваць сабе пасаг. І меркавалі пра дзяўчыну (аб тым, наколькі яна працавітая, якая ў яе фантазія) па тым, як вышыты рушнік.
У музеі змешчаны некаторыя прылады працы. Трапалка, матавіла, самапрадка, бёрда – галоўная частка кроснаў. Кожная дяўчына павінна была ўмець прасці і ткаць. Кожная маці марыла аб такой дачушцы-працаўніцы. Дарэчы, ткалі толькі жанчыны.
Ёсць у музеі і печ. Печ – гэта цеплыня, гэта здароўе застуджанаму, гэта і гарачая смачная ежа. Нашы дзяды і прадзеды самі выпякалі хлеб. Вось тут жа дзяжа, у якой замешвалі цеста. Пяклі хлеб на подзе, на капусных або кляновых лісцях, а пасля, спрыснуты вадою, накрывалі рушніком. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з’есці. Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Выраніўшы, трэба было падняць кавалак, пацалаваць.
Цікавым быў аповед пра гліняны посуд, які выкарыстоўвалі людзі на працягу тысячагоддзяў. Збаны, міскі – неабходныя рэчы ў гаспадарцы (дарэчы, іх у музеі шмат). Стравы, прыгатаваныя ў гліняным посудзе, атрымліваюцца асабліва смачнымі. Малако ў гліняным посудзе не пракісае на працягу 3-4 дзён, варэнне не плеснявее, часнок і цыбуля не гніюць, а ў муцэ і крупах не заводзяцца насякомыя, квас захоўвае прахалоду летам, а кава і чай доўга застаюцца гарачымі. Вось чаму посуд з гліны запатрабаваны і сёння.
Зацікавілі нас і гаспадыніны прылады працы: прас, качалкі. Прас награваўся вуголлем, якое бралася з печы. Прасавалі адзенне святочнае, лепшае. А будзённае і бялізну разгладжвалі з дапамогай качалак.
Многа клопату мела гаспадыня і з мыццём бялізны ў даўнія часы. З попелу варылі шчолак, замочвалі і мылі ў ім бялізну, а потым паласкалі ў рацэ ці сажалцы, выбіваючы бруд пранікамі.
Бялізну мылі ў ночвах, якія рабілі з мяккай драўніны - з ліпы. Гэтыя ночвы служылі і калыскай для дзяцей.
Уздоўж сцен музея зроблены лавы. На іх раней сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва, калі бывалі госці. Лавы засцілаліся тканымі налаўнікамі або посцілкамі.
Ткала маці посцілкі на кроснах,
Чаўнаком малюнкі малявала,
Нітку каляровую не коса
Уздоўж і ўперад вандраваць пускала.
У вуглу вісіць абраз, упрыгожаны рушніком. Тут жа стаіць стол, засцелены, абрусам. Гэта так званы чырвоны вугал. Тут павівальная бабулька перадавала хрышчоным бацькам немаўля перад хрышчэннем. Тут благаслаўлялі маладых перад вянчаннем. І садзілі тых, хто збіраўся ў далёкі шлях.
Усе экспанаты музея з’яўляюцца часцінкай той вялікай спадчыны, якая засталася нам ад нашых дзядоў і прадзедаў і якую мы павінны шанаваць і берагчы, - падвялі вынік сваёй экскурсіі вучаніцы гімназіі і іх настаўніца Жанна Фёдараўна Падабед.
Дзякуй ім вялікі за цікавую і пазнавальную экскурсію!
раскрыть » / « свернуть