Малая радзіма… Колькі пяшчоты, замілавання і шчымлівага пачуцця любові ўзнімаюць у душы два гэтыя словы! Колькі знаёмых, блізкіх, родных твараў узнікаюць ва ўспамінах… Колькі ўтульных зялёных вулачак малюе ўяўленне… Родныя Касцюковічы. Здаецца, знаёма тут кожнае дрэва, кожная кветачка, кожная сцяжына. Мы ганарымся сваёю малой радзімай, сваёй Касцюкоўшчынай. Яна ўзрасціла нямала слаўных сыноў і дачок, якія сваёй дзейнасцю праславілі яе ў свеце. Нямала сярод іх таленавіых паэтаў і пісьменнікаў. Галасы натхнення чуюцца з усіх куткоў касцюковіцкай зямлі. Аркадзь Куляшоў і Іван Чыгрынаў, Алесь Пісьмянкоў і Аляксей Русецкі, Сяргей Ісачанка і Леанід Левановіч – майстры слова, многія творы якіх прысвечаны малой радзіме.
Вернасць сваім караням, сваёй зямлі, сваёй Бесядзі прысутнічае ў многіх вершах Аркадзя Куляшова: “Воблака”, “Ельнік”, “Бывай…”, “Шэршні”, “Плыла цалавалася хмара з зямлёй…”, “Мая Бесядзь”, у якім рака абавязана яму сваім другім жыццём і сваёй шырокай вядомасцю.
З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую,
Хачу, каб яна разлілася ракой…
Не Волгай магутнай,
Не нават Камаю,
Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй.
Аркадзь Куляшоў любіў родныя мясціны, любіў тутэйшых людзей, іхнюю гаворку. Яго вершы: “Крылы”, “Бюро даведак” і інш. яскравае таму падцвярджэнне.
Я пакінуў маленства край,
Дзе жыў жыццём вясёлым,
Прыйшла і мне чарга “бывай!”
Сказаць лясам і долам.
Іван Чыгрынаў таксама вельмі любіў родны край. Жывучы ў родным Вялікім Бары, ён неаднойчы назіраў за працай вясковых механізатараў. Былі сярод іх і маладыя – учарашнія дзесяцікласнікі, а то і выпускнікі сямігодкі. Яны аддана шчыравалі на калгасных палетках, не ведаючы стомы, забываючы аб ёй:
Ад зары араў хлапчына
На калгасным полі, -
Столькі радасці адчула
Сэрца на раздоллі.
А надышоў вечар, стомлены юнак заснуў. І сніцца яму “ліпень жаўтакрылы, палявая сцежка”, па якой “між высокімі радамі маладой пшаніцы // Ён ідзе паслухаць песні // Палявой крыніцы”. Нават у сне малады трактарыст жыве сваімі пастаяннымі турботамі.
І адчуванні ў яго тыя ж, што і на яву:
Лёгкі ветрык жвавай хваляй
Абдымае ніву,
Песціць шчодрай цеплынёю
Залатую грыву.
І калыша над палямі
Дзень многагалосы,
Песню жаўранка сплятае
З песняю калосся.
“Сон трактарыста”
Свайму роднаму кутку ён прысвяціў мясцовыя былі, ў аснове мясцовыя паданні, легенды, якія запісваў падчас вандровак па роднай Касцюкоўшчыне, апавяданне “Цар і мой прашчур”, апавяданне “Праз гады”, кніга “Птушкі ляцяць на волю” і інш.
Аляксей Русецкі ўсё жыццё спяваў запаветную песню сваёй маладосці – гераічнай касцюковіцкай зямлі. У многіх вершаваных пейзажах Русецкага адчуваецца непаўторны каларыт, своеасаблівую экзотыку і гаючы баравы подых радзімы. Думка паэта аб вернасці роднай зямлі і традыцыях жыццёвай устойлівасці бацькоў часта ўвасабляецца ў вобразах з дзяцінства знаёмай прыроды, ў яго вершах “У кут бацькоўскі…”
У кут бацькоўскі зацішны, лясны
Я думкай лячу –
Ці вечар, ці ранне,
У гай жоўтай восені, луг вясны,
У бор залаты з маўклівым курганнем.
“Гарадок”, “Цішыня”, “Увосень”, “Дзе араў я і сеяў”, “Спрадвечнае”, “Зямля бацькоў”.
Зямля бацькоў – свяшчэнная зямля!
Яе смугою, водарам зялёным
Я помніўся, як мовай немаўля,
На цёплых на тугіх яе далонях.
”Я - мужыцкі сын”, “Панскі сад”.
І дагэтуль жыве панскі сад
З незабыўным найменнем адвечным ;
Ліп і клёнаў, ялін добры лад
За сялом на пагорку надрэчным.
Трывалыя сувязі з роднай зямлёй і ў Алеся Пісьмянкова, які захапляўся сваім родным краем. Бадай ніхто з паэтаў не пісаў столькі пра свае родныя мясціны, пра сваіх зямлякоў, пра родную Бесядзь, як ён. З пад яго пяра выйшла шмат вершаў: “Бялынкавічы”.
Малюю –
Мілую
Радзіму малую :
Закутую рэчку,
Лясное мястэчка.
“Развітанне з бацькавым канём”, “Краявід”, “На зямлі радзімічаў”, “Мама”, “Балада роду”,”Белы камень”, “Успамін пра давер”, “Туга”, “Крыніца”.
У радзінным краі,
У зялёным гаі
Буду раны гаіць.
Там крыніца адна
Нават ноччу відна
Аж да самага дна.
“Землякі, “На выстаўцы Антона Бархаткова”, “Запрашэнне на Бесядзь”.
Будзеш госць ты ў нас не лішні –
Чуеш, кліча далячынь –
Будзем есці ў Вішнях вішні
І тугу сваю лячыць, “Вялікі Бор”, “Вечар вынырнуў нясмела”, “Да вытокаў” і інш.
Роднаму краю прысвяціў свае творы і Іван Ісачанка. Повесть “За Беседью рекой», нарыс “Сям’я камуніста”.
У маі 1930 года стрэлам з абрэза з - за вугла быў забіты сельскі актывіст, старшыня калгаса “Чырвоны сцяг” на Касцюкоўшчыне Аляксандр Пракопавіч Прывалаў. Шляхам мужа працягвала ісці яго жонка Вольга Макараўна, а затым і іх дзеці. Аб цікавай, мужнай сям’і Прывалавых і расказвае С. Ісачанка ў сваім нарысе.
У аснову народнай гераічнай драмы “Мурын Бор” Івана Ісачанкі пакладзена паданне аб назве роднай вёскі “Мурын Бор” з гераічным мінулым. Яшчэ ў маленстве будучага пісьменніка ўразіла паданне пра лютую пані, мастака – музыку і яго нявесту – ткачыху, пра слаўнага абаронцу прыгоных Вашчылу расказанае старым дзедам. Дзед Рыгор, якога за харошы грай на жалейцы звалі дударом, дзеля перакананасці вадзіў хлапчукоў да вячыстых ліп, у стары школьны сад. Паводле падання там стаяў панін мур. На азярышча, дзе некалі былі ставок і млын. На панін вір, у якім яна купалася нават узімку і ў якім захлынулася, ратуючыся ад людской помсты. На могілкі ў былым бары, дзе хавалі паўстанцаў Вашчылы.
Нарысы Леаніда Левановіча “Гаспадар зямлі”, “Зялёны трохкутнік”, зборнік публіцыстыкі “Хлеб і мужнасць”, зборнікі аповесцей і апавяданняў “Мадона з кветкаю”, “Якар надзеі”, “Валанцёр свабоды”, раманаў “Шчыглы”, “Паводка сярод зімы” звязаны з роднай касцюковіцкай зямлёй. Зяма Півавараў з’яўляецца аўтарам зборніка вершаў “Лірыка двух нараджэнняў” многія вершы з якіга прысвечаны роднай касцюковіцкай зямлі.
Удзячныя нашчадкі захоўваюць памяць аб песнярах малой радзімы. У іх гонар ладзяцца святы паэзіі, іх імем названы вуліцы і бібліятэкі. Хочацца спадзявацца, што і сучасныя паэты і пісьменнікі, з творамі якіх можна пазнаёміцца на старонках раённай газеты, будуць апяваць наш родны куток, нашу Касцюкоўшчыну.
раскрыть » / « свернуть