Чытаю верш паэта-земляка А. Пісьмянкова “Бялынкавічы”. Цудоўны верш пра дарагія сэрцу мясціны, дзе нарадзіўся і вырас, дзе знаёма кожнае дрэўца, кожная сцяжына, дзе жыве самы блізкі і важны ў тваім жыцці чалавек – мама… Паэт так прыгожа і кранальна словамі “намаляваў” родны куток – кожнае слоўца гаворыць аб шчырай любові да сваёй малой радзімы: “лясное мястэчка”, “сярэбраны ранак”, “рабіна з адвечнай самотай”, “дом пад бярозай”. Задумалася. А калі б на самой справе мяне папрасілі намаляваць маю малую радзіму, што я намалявала б?
Касцюковічы. Мая малая радзіма. Тут знаёма кожная вулачка, кожны дом. І усё здаецца такім важным, усё хочацца адлюстраваць на сваім малюнку. Уявім яго.
Па-першае, на малюнку павінны абавязкова быць гмахі нашага цэментнага завода, вядомага далёка за межамі краіны, а яшчэ шырокія светлыя вуліцы, якія ўлетку стракацяць мільёнамі кветак, а яшчэ шматпавярховыя дамы, дзе жывуць мае сябры і аднакласнікі. На малюнку абавязкова будзе цэнтральная плошча горада з фантанам, каля якога чуецца звонкі смех дзяцей, будзе помнік воінам-вызваліцелям, якія аддалі сваё жыццё, каб жыў такі цудоўны горад пад блакітным-блакітным мірным небам.
Што яшчэ паказаць на сваім малюнку? Канешне ж, рачулку, што віецца ў зялёных берагах, лясы, што бачны на даляглядзе, у які б бок ні зірнуў, залатыя палі збажыны, адкуль на нас пазіраюць сваімі сінімі вочкамі васількі. Прыгажосць! Столькі ўсяго хацелася б намаляваць, каб усе, хто паглядзіць на малюнак, ведалі, які прыгожы мой горад. На жаль, усё немагчыма змясціць на адным малюнку. Але гэта не так ўжо і важна. Усё гэта змяшчаецца ў сэрцы. Я ўпэўнена: прыгажэйшых за маю малую радзіму мясцін няма ў свеце.
Люблю цябе і ганаруся табой, мой горад, мая “мілая малая радзіма”!
раскрыть » / « свернуть