Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

25.04.2022

Я РАСКАЖУ ВАМ ПРА ВАЙНУ

Зямля пал белымі крыламі, зямля блакітных васількоў, зямля самых гасцінных і працавітых людзей… Але пачалася вайна і ўзяўся за зброю наш народ, каб абараніць сваю зямлю – сваю Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў. Попел мільёнаў ахвяр стукае ў сэрца, крыкі немаўлят рвуць душу, боль і кроў загінуўшы байцоў вярэдзіць раны. Фашызм гестапаўскі, канцлагерны, хатынскі…Забітыя вёскі, дзе не засталося ніводнай жывой душы. Толькі старыя дрэвы, чорныя і абгарэлая, ля якіх не будуць сустракацца закаханыя; калодзеж, з якого ніхто не нап’ецца вады; трава, па якой не будуць бегаць дзіцячыя ножкі. Колькі давялося  перажыць нашаму народу-пакутніку! Гэта ніколі не забудзецца і гэтага нельга забыць. Гэта патрэбна не дзеля гісторыі. Гэта трэба памятаць жывым дзеля жыцця.

Мы  вырашылі падрыхтаваць матэрыял пра людзей, якія прымалі ўдзел у вайне або каму давялося жыць у той страшны, жудасны час. Па дапамогу мы звярнуліся да былых вучняў нашай школы, а таксама настаўнікаў, чые продкі былі ўдзельнікамі або сведкамі тых трагічных падзей.

За гады страшэннай навалы нашым продкам давялося перажыць і ўбачыць такое, аб чым людзі будуць успамінаць стагоддзямі. Яны бачылі самых лютых ворагаў чалавецтва і  змагаліся з імі. Яны бачылі пакуты і смерць блізкіх людзей. Гэта такія падзеі, аб якіх нельга забыць. Пра якія трэба гаварыць.

                                                                             

Лазоўскі Генадзій, вучань 9 “А” класа:

–Лазоўскі Васілій Пятровіч, мой прадзядуля,  быў удзельнікам вайны. Пайшоў ваяваць, пакінуўшы дома малых дзяцей і каханую жонку. Ваяваў пад Ржэвам, удзельнічаў у фарсіраванні ракі Днепр,  вызваляў Заходнюю Украіну. Шмат давялося перажыць прадзядулю ў тыя страшныя часы. Рухаліся з баямі па тэрыторыі Польшчы. На рацэ Вісла, што лявей Варшавы, узялі плацдарм. Закончыў вайну на рацэ Эльба. За подзвігі ў баях узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”.

А яшчэ мой прадзядуля “нарадзіўся ў кашулі”. Вось што расказаў ён аднойчы:

–Служыў сувязістам. Пасля мінамётнага абстрэлу была пашкоджана сувязь паміж франтамі. Трэба было тэрмінова лінію аднавіць. Толькі нацягнулі кабель, зноў пачаўся мінамётны абстрэл. Каб засцерагчыся ад варожых мін,  хаваўся ў варонках. І тут у варонку падае варожы снарад. Але снарад не разарваўся. Так што выразу “нарадзіўся ў кашулі” можна верыць.

                                     

Усаў Кірыл, былы вучань, вайсковец, служыць у горадзе Мінску:

–Маіх прадзядулю і прабабулю звалі Бараўцоў Сямён Максімавіч і Асіпенка Вольга Герасімаўна. Жылі яны ў вёсцы Кавычыцы Касцюковіцкага раёна. Выгадавалі траіх дзяцей. У асноўным прыйшлося гадаваць адной прабабе, бо Сямён Максімавіч загінуў на вайне. Вольга Герасімаўна атрымала пахаронку, што Бараўцоў Сямён Максімавіч у 1942 годзе прапаў без вестак.( маюцца звесткі ў кнізе “Памяць” па Касцюковіцкім раёне.)

Мой прадзед, нарадзіўся 28 мая 1906 года ў вёсцы Ягораўка Касцюковіцкага раёна. Быў адукаваным чалавекам, бо закончыў тады царкоўна- прыходскую школу, казалі “здатны да навукі”. Яму вельмі хацелася вучыцца далей, але яго бацька, мой прапрадзед не пусціў яго, бо некаму было працаваць. У гады Вялікай Айчыннай вайны прадзед на аружэйнам заводзе ў горадзе Куйбышаве вырабляў танкі. Па словах маёй бабулі Таццяны пра дзед быў добрым, спагадлівым, памяркоўным чалавекам і калі я нарадзіўся, па просьбе бабулі мяне назвалі Кірылам.

                                     

Марчанка Алена Васільеўна, педагог- арганізатар нашай школы:

–Вялікая Айчынная вайна - самае цяжкае выпрабаванне ў гісторыі нашага народа. Няма такой сям’і, якую б не закранула вайна.

Мая маці Шадзькова Валянціна Маркаўна нарадзілася 09.05.1941 года ў вёсцы Мамачына Быхаўскага раёна, Магілёўскай вобласці. Ей быў усяго адзін месяц, калі пачалася вайна. Маці нават не ведае свайго бацьку Шыкунова Марка Міхайлавіча. Ведае толькі ад сваёй маці, што ён быў радавым в/ч 24701, загінуў 25 марта 1944 года пры вызваленні Быхаўскага раёна і пахаваны ў брацкай магіле, якая знаходзіцца ў вёсцы Вілягі. Мая бабуля больш не выйшла замуж і адна гадавала траіх дзяцей. Майму бацьку Васілю Міканоравічу, калі пачалася вайна, было сем гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Красніца. Перад вайной у вёсцы было 283 дамы, 769 жыхароў. 17 ліпеня 1942 года 696 жыхароў і 283 дамы спалілі карнікі, па-здрадніцку прывабіўшы ў вёску мужчын і жанчын, якія былі на сенакосе. Яны паслалі старых, якія былі не на сенакосе, за жыхарамі: няхай, казалі, усе спакойна прыйдуць на сход, зямлю дзяліць будуць. А хто не прыйдзе, таму і зямлі не будзе. І старыя паверылі немцам, сабралі народ. А калі ўсе сабраліся, мужчын загналі ў калгасную лазню і там расстралялі. Астатніх развялі па дамах і пачалі забіваць і паліць дамы. Так спалілі ўсю родную вёску майго бацькі. Бацькі майго бацькі загінулі ў 1941 годзе. Бацькі  ў страшны дзень у вёсцы не было. Пасля смерці бацькоў ён выхоўваўся ў дзіцячым доме в. Баркалабава Быхаўскага раёна.

У вёсцы на месцы брацкай магілы пастаўлены помнік загінуўшым  жыхарам, а таксама помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан.

Кожны год 17 ліпеня ў вёску Красніца прыязджае шмат людзей, каб ушанаваць памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны.

                                     

Пагодзін Дзмітрый, былы вучань, зараз працуе  ў горадзе Мінску:

–Майго прадзеда звалі Кажамякін Іван Якаўлевіч. Калі пачалася вайна, яму было 17 гадоў. Прадзед ішоў на зборны пункт з Касцюковіч у Бранск. Служыў у разведцы на Ленінградскім фронце. Пасля зняцця блакады Ленінграда, накіравалі ў Карэлію. Ваяваў у Карэліі, а пад Вялікімі Лукамі хаваліся ў хляве ад бамбардзіроўкі. Ад снарада яго прысыпала, але падаспелі таварышы і адкапалі. З Карэліі яго дэмабілізавалі.


Пасля вайны працаваў трактарыстам. Ёсць ваенныя ўзнагароды – медалі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”, а таксама працоўныя.

Карпачова Вікторыя, былая вучаніца нашай школы, зараз працуе ўрачом у нашай бальніцы:

– Мой прадзядуля, Карпачоў Іван Іванавіч,  нарадзіўся ў 1918 г. у в. Валаськоўня. Пасля заканчэння школы быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў на Далёкім Усходзе. Месца службы - бухта Знаходка. Служыў у морфлоце. Калі заканчваўся тэрмін службы, пачалася вайна. Іван Іванавіч у ліку сваіх аднагодкаў быў адпраўлены на эшалоне на фронт. Ваяваў на Арлоўска-Курскай Дузе.

У 1943г. у баі атрымаў раненне ў правую нагу і быў вывезены ў шпіталь на Украіну.

 Вагон, у якім везлі параненых, знаходзіўся ў антысанітарных умовах.Раненых везлі доўга, таму ў назе завяліся чарвякі. У шпіталі нага доўга не гаілася, і яе давялося ампутаваць. Гэтую страшную навіну паведамілі бацькам на Радзіму Івана Іванавіча. У шпіталь сына прыехаў забіраць бацька Карпачоў Іван Аляксандравіч. Бацькі выходжвалі сына. Іван Іванавіч перасоўваўся на мыліцах.

Пасля вайны працаваў старшынёйкалгаса імя "Сталіна". Затым працаваў старшынёй сельскага савета ў в. Нізькі. Пасля вайны Іван Іванавіч ажаніўся з Возьмелавай Верай Кандрацьеўнай. Неўзабаве нарадзіўся сын Леанід.

Іван Іванавіч за сваю дзейнасць мае шмат узнагарод - 10, якія ў цяперашні час захоўваюцца ў доме, дзе раней жыў Іван Іванавіч. Сярод узнагарод 3 медалі «За адвагу», Ордэн ВАВ I ступені і іншыя. Памёр Карпачоў Іван Іванавіч 17.10.1990г. і пахаваны на могілках у в. Валаськоўня.

                                                              

Міхеева Даша, былая вучаніца нашай школы, зараз працуе медсястрой у горадзе Мінску:

–Маю бабулю завуць Журава Варвара Якаўлеўна. Калі пачалася вайна, ёй было 4 гады. Але яна памятае ўсё да драбніц, быццам усё гэта было ўчора. Жылі яны тады ў Горацкім раёне, у вёсцы Паляшчыцы. Калі ў вёску прыйшлі немцы, іх павыганялі з дамоў. З немцамі былі яшчэ людзі ў чорным. Гэта былі румыны, – успамінае бабуля. Вёску спалілі. Вяртацца не было куды. Бацьку забралі на вайну і мая бабуля засталася з маці, братам і маленькай сястрычкай, якая нарадзілася ў 1941-ым годзе. Жылі ў лесе, хаваліся ў акопах. Потым разам з іншымі людзьмі трапілі ў Смаленскую влбласць.  З сабою ў іх быў мяшочак з сухім хлебам, тым яны і харчаваліся. Начавалі ў розных незнаёмых людзей. было вельмі цяжка. Калі надышла вясна, збіралі па полі мерзлую, гнілую бульбу, а таксама елі траву, якая называлася “таўкачыкі”. Аднойчы ў лесе яны знайшлі каня. Конь быў добры, і яго забралі партызаны, а ўзамен далі ім старога каня. Але і гэта было шчасце. Канём узаралі зямлю, пасадзілі бульбу.  Калі ішоў дождж, пад каня і хаваліся. З бярвенняў, якія павытасківалі з бліндажоў, пабудавалі невялікі дом. Брат зрабіў печку. Лесу вакол не было, пагэтаму тапілі хмызняком. У хату на ноч прыводзілі каня, які, каб зайсці ў дом, станавіўся на калені. Спаць клаліся на падлозе, накрываліся ўсім, што было, і прыціскаліся да каня. Так саграваліся. Ад немцаў вёску вызвалілі. Але засталося шмат мін. Здаралася, што дзеці ўзрываліся на мінах. Бацька бабулі з вайны не вярнуўся. А зусім нядаўна мы даведаліся, што бабулін дзядзька, які таксама быў на вайне, загінуў недзе ў Германіі, калі быў у нямецкім палоне.

Пасля заканчэння вайны мая бабуля закончыла Горыцкую акадэмію. Працавала аграномам у вёсцы Брацькавічы, што ў Касцюковіцкім раёне. Вырасціла дваіх сыноў. Адзін працуе ў Белаграпрамбанку, а другі на БЦЗ. Дзяцей расціла адна. Муж рана памёр.

Я вельмі люблю сваю бабулю, ганаруся ёю, таму што ёй давялося перажыць столькі гора, але яна засталася добрым, чулым, спагадлівым чалавекам.


Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно